08.11.2016/№45

Так выглядае афіцыйны сімвал грамадскага аб’яднання «BELLARUS» у Неапалі і Калабрыі.
Вывучэнне культуры нашых суайчыннікаў за мяжой, падтрымка развіцця іх нацыянальна-культурных аб’яднанняў спрыяе і развіццю Беларусі, і беларускага грамадства ў цэлым. Падпраграма «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады акрэсліла асноўныя кірункі супрацоўніцтва, у тым ліку і навукоўцаў, з беларусамі замежжа.
З мэтай даследавання аб’яднанняў нашых суайчыннікаў, а таксама вывучэння практыкі ўсталявання адваротных сувязей з імі з боку грамадскіх арганізацый нашай краіны этнолагі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пры падтрымцы Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей правялі сёлета шэраг экспедыцыйных паездак ва Украіну, Малдову, Польшчу, аб якіх можна было прачытаць на старонках «Навукі». У кастрычніку праходзіла даследчая праца ў Італьянскай Рэспубліцы, папярэднія вынікі якой мы і прадстаўляем.
Колькасць беларусаў, якія пераехалі жыць у Італію, можна вызначыць некалькімі тысячамі, па некаторых ацэнках – 7-8 тысяч. Пераязджалі, галоўным чынам, у 1990-х – пачатку 2010-х гадоў. Прычыны пераезду – эканамічныя, матрыманіяльныя, вучоба. У Італіі падрастае ўжо другое пакаленне тых беларусаў (дзеці ад шлюбаў з італьянцамі), якія будуюць сваё жыццё па італьянскіх крытэрыях, але ведаюць рускую мову, вучаць беларускую, цікавяцца нашай культурай.
Самая вялікая грамадская арганізацыя нашых суайчыннікаў у Італіі – «BELLARUS», налічвае больш за 200 пастаянных удзельнікаў. Аб’яднанне было заснавана 29 кастрычніка 2010 года з мэтай развіцця і ўмацавання сувязей з суайчыннікамі на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі.
Нярэдка этнічныя сімвалы беларускай зямлі прымаюцца ў якасці лагатыпаў, сімволікі брэндаў, якія з цікавасцю ўспрымаюцца партнёрамі, спажыўцамі нашай прадукцыі за мяжой. Афіцыйны сімвал грамадскага аб’яднання «BELLARUS» у Неапалі і Калабрыі – адзін з вядомых этнічных сімвалаў Беларусі – бусел, які ляціць над Везувіем. Грамадскае аб’яднанне знаходзіцца ў цесным кантакце з прадстаўнікамі Пасольства Беларусі ў Рыме і Мілане, а таксама з ганаровымі консуламі Беларусі ў рэгіёне, асабліва з Ганаровым консулам Беларусі ў Неапалі.
Дзейнасць грамадскага аб’яднання «BELLARUS» больш за ўсё накіравана на арганізацыю культурных мерапрыемстваў, святкавання дат календара Беларусі. Так, сёлета беларусы ў Неапалі адзначалі Дзень Перамогі, адбылася тэматычная сустрэча «Невядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны».
Пры аб’яднанні арганізаваны харавы гурток «Спадчына», дзе пад кіраўніцтвам італьянскага маэстра жанчыны спяваюць беларускія песні. Між іншым, вучаць беларускай і рускай мове сваіх дзяцей, асновам беларускай культуры італьянскіх мужоў.
У выніку можна сказаць, што існаванне грамадскага аб’яднання аказвае істотную маральную дапамогу нашым суайчыннікам, большасць з якіх складаюць жанчыны, што выконваюць цяжкую працу гувернантак, хатніх работніц, нянькаў, сядзелак для старых і хворых людзей. Удзельнікі аб’яднання сустракаюць разам святы, прымаюць удзел у культурных мерапрыемствах, займаюцца беларускімі народнымі рамёствамі, харавым спевам, наведваюць царкву. А таксама дапамагаюць адно аднаму ў складаных жыццёвых сітуацыях, у пошуках працы.
Паводле апытанняў, адным з найбольш этнакансалідуючых сімвалаў для беларусаў у Італіі з’яўляецца рэлігія і царква, а таксама царкоўная абшчына. У 2013 годзе Беларускай Праваслаўнай Царквой было прынята рашэнне аб накіраванні ў Італію беларускага святара для працы і «духоўнага акармлення» беларускай дыяспары. Праваслаўнай царкоўнай абшчыне ў Неапалі муніцыпалітэтам быў перададзены будынак былога каталіцкага храма. На ахвяраванні прыхаджан храм быў багата аздоблены абразамі. Цяпер у ім рэгулярна адбываюцца будзённыя і святочныя службы.
Звесткі аб Беларусі нашы суайчыннікі ў Італіі звычайна атрымліваюць з Інтэрнэту, а таксама са спадарожнікавага канала «Беларусь-24». На пытанне аб падтрымцы, якую маглі б аказаць ім суайчыннікі з Беларусі, большасць апытаных адказала, што хацелі б стварыць Беларускі культурны цэнтр у Калабрыі (Неапалі). Заўсёды рады нашы суайчыннікі кнігам з Радзімы. І, на наш погляд, не хапае валанцёрскай працы па рэгулярным вывучэнні роднай мовы, беларускіх традыцый, абрадаў.
Падчас нашай паездкі ў Італію адбыліся сустрэчы беларускага аб’яднання «BELLARUS», кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі з прадстаўнікамі муніцыпалітэта Неапаля, з Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Неапалі. У навуковым гарадку г. Баньолі каля стэнда беларускай дыяспары з вялікім поспехам прайшлі канцэрты прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі. Падчас выступленняў нашы суайчыннікі частавалі ўсіх прысутных стравамі беларускай нацыянальнай кухні.
А 16 кастрычніка у царкве Санта Крочэ (Неапаль) грамадскім аб’яднаннем «BELLARUS» была арганізавана канферэнцыя і канцэрт прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі.

Старажытны сярэднявечны будынак царквы быў цалкам запоўнены не толькі ўдзельнікамі мерапрыемства, але і вялікай колькасцю ўдзячнай італьянскай публікі, якая горача вітала артыстаў словамі «Белісіма!», цікавілася літаратурай пра Беларусь, прадстаўленай на выставе, разглядала сувеніры і рамесныя вырабы нашых суайчыннікаў – з гліны і саломкі, тканіны.
За межамі Беларусі пражывае значная колькасць суайчыннікаў (ад 2,5 да 3,5 млн чалавек). Сярод іх – як вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтваў, так і простыя людзі, якія шчыра любяць сваю родную культуру. Наша агульная задача – знайсці шляхі да ўзаемнай падтрымкі і супрацоўніцтва на карысць Бацькаўшчыны і кожнага беларуса – ці то ў Беларусі, ці то за яе межамі.
Аляксандра ГУРКО (ВЕРАШЧАГІНА),
загадчыца аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў
беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі