04.03.2019/№10

image

У канцы мінулага года пабачыў свет зборнік вершаў супрацоўнікаў НАН Беларусі «Зямлі, навекі блаславёнай».

Яго ўкладальнікам і рэдактарам стаў Валеры Максімовіч. Кніга падрыхтавана з нагоды святкавання леташніх Года малой радзімы і 90-годдзя з дня ўтварэння НАН Беларусі. Чаму ж менавіта гэтая кніга павінна знайсці сваё месца на вашай паліцы?

Адкрывае зборнік лірыка літаратуразнаўца Алеся Бараноўскага, які родам з Гомельшчыны. Радзіма ў яго «блакітная, жытнёвая, / Як сон-трава, вясновая. / Ласкавая, сардэчная, / Імг­ненная і вечная. / Матуляй песня спетая, / Цяплом надзей сагрэтая. / Бы сонейка, лагодная, / Адзіная і родная».

Літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, народжаная ў Мінску, стварае свой гімн «Мой краю…», у якім апявае нашы азёры, лясы, папараць-кветку, рамонкі, валошкі, зуброў і буслоў, а таксама беларускую мінуўшчыну. У вершах яна шануе продкаў, прызнаецца ў любові сынам. Праз сэрца праходзіць сувязь двух родаў – бацькоўскага з вёскі Каты Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці і мацярынскага з вёскі Кайкава Мінскай вобласці.

Фізік Генадзь Броўка, родам з Ушаччыны, згадвае лета з чарніцамі, суніцамі, часам сенакосу. Малюе карціну беларускага асенняга балота, з соснамі і бярозамі, пахкім багуном і журавінамі. Восень для аўтара – гэта крыкі журавоў і ягады каліны. Зі­мовыя ўспаміны Г. Броўкі звязаны з заснежаным лесам. Вясной лірычны герой про­сіць не паляваць на жоўнаў. Аўтар згадвае аднавяскоўцаў, якія пра­цавалі, святкавалі хрэсьбіны і вяселлі, а цяпер ляжаць на могілках. Вёска вымірае, бо дзеці перасяляюцца ў іншыя месцы.

Для літаратуразнаўцы Яўгена Гарадніцкага родны кут – гэта аграгарадок Ракаў на Валожыншчыне, дзе бярозы і рэкі, дзе жылі сваякі. Падчас паездкі на радзіму Аляксея Пысіна прырода нагадвала лірычнаму герою пра гэтага творцу.

Уладзімір Рыгоравіч Гуса­коў, Старшыня Прэ­зідыума НАН Беларусі, нарадзіўся ў в. Батвінава Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Яго лірычны герой любіць вёску за звонкія ручаі, расістую траву, кало­дзежную ваду, вішнёвыя сады, жытнёвы хлеб і сумныя песні. У творы «Вось такі ён, беларус (і жартам, і ўсур’ёз)» аўтар гаворыць пра мудрасць, пра­цавітасць, гасціннасць, дабрыню, цярплівасць і прыгажосць нашага народа.

Археолаг Анастасія Кас­цюкевіч, якая родам з Віцебска, згадвае продкаў-віцязяў, распавядае пра лепельскага Змея, закаханага ў дзяўчыну, пра знойдзены ў кургане бранзалет, пра вара­ж­скі меч і канька-амулет ХІ–ХІІ стст. у музеі і інш. рэчы.

Аб’ектам вывучэння біё­лага, ураджэнца Стаўбцоў­шчыны Анатоля Кулака з’яў­ляюцца насякомыя. Таму яго вершы прысвечаны апі­санню жыцця камароў і матылькоў.

Літаратуразнаўца і фі­лосаф Валеры Максімовіч, што родам з Лагойшчыны, прызнаецца ў любові роднай мове, у якой гучаць кветкі і крыніцы. Апісвае жахлівае забойства свайго дзеда К.А. Дубаневіча ў Курапатах 5 кастрычніка 1938 года. Гаворыць пра горкі лёс бабулі А.А. Дубаневіч, якая не дачакалася сына з вайны.

Родны Барысаў натхняе і літара­туразнаўцу Таццяну Мацюхіну. Яе лірычная гераіня згадвае падораны бабуляй грабеньчык, жытнёвы колас і васількі, рабіну і ажыны, вясёлкавы гром.

Свае Мінскія і Менскія санеты Серж Мінскевіч стварыў з алюзіяй на «Крымскія санеты» Адама Міцкевіча.

Одай мамам можна назваць верш «Искра во Вселенной» брэстчанкі Раісы Паўлючук. Асацыятыўная су­вязь паміж водбліскамі памяці і пратуберанцаў тлумачыцца яе цікавасцю да касмічных з’яў.

Філосаф Эдуард Сарока, што родам са Шклоўшчыны, выказвае ідэю высокай натхняльнай моцы каханага чалавека і неабходнасці для сучаснікаў жыць па хрысці­янскіх запаветах.

Лірычны герой літара­туразнаўцы Анатоля Трафі­м­чыка спілаваў стары сад і паехаў шукаць долі ў горад, але там адчувае сябе лішнім. Родная Брэстчына для яго слаўная гісторыяй і пры­гожымі краявідамі.

Акадэмік Іван Шэйко любуецца прыродай роднай Клеччыны, з яе садамі і па­лямі, адчувае душэўную еднасць з землякамі. Яго ліры­чны герой згадвае маленства ў вёсцы, брата з сястрою, буслоў і сады, сумуе па матчыным цяпле.

Прачытаўшы гэту кнігу, можна зразумець, што беларуская зямля багатая на таленты, што многія вучоныя апантаны мастацкім словам, што навука ўзбагачаецца паэзіяй, а паэзія – навукай. Гэта два бакі аднаго працэса спасціжэння свету і чалавека.

Таццяна БАРЫСЮК