17.08.2020 №33

image

Да дня археолага

Удзельнікі экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якія ў дадзены момант даследуюць неалітычнае паселішча Какорыца ў Драгічынскім раёне пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка Мікалая Крывальцэвіча, віншуюць калег з прафесійным святам, жадаюць новых знаходак і навуковых адкрыццяў!

Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі:

Да Дня археолага вучоныя звычайна падводзяць папярэднія вынікі палявога сезона, дзеляцца адкрыццямі, новымі важнымі артэфактамі. У 2020 годзе, на які наклала адбітак сітуацыя з каронавірусам, археалагічныя даследаванні не спыніліся. Адчуваліся пэўныя абмежаванні, зменшылася колькасць экспедыцый з удзелам школьнікаў і студэнтаў, камандзіраваліся звычайна невялікія групы археолагаў на непрацяглы час. Аднак у цэлым толькі за 7 месяцаў гэтага года НАН Беларусі ўжо выдала звыш 150 дазволаў на права правядзення археалагічных даследаванняў ва ўсіх абласцях краіны і Мінска (адзначым, што за ўвесь 2019 г. было выдадзена 220 такіх дазволаў). Пераважная большасць з іх – на правядзенне выратавальных навуковых даследаванняў у зонах новабудоўляў. Але гэта тлумачыцца тым, што жыццё ў краіне не спынілася, праектуюцца і будуюцца новыя аб'екты, жылыя і гаспадарчыя комплексы, масты і аўтадарогі, добраўпарадкуюцца гарады і населеныя пункты раённага значэння.

image

Археолагі праводзяць археалагічную экспертызу, ажыццяўляюць раскопкі і археалагічны нагляд. Напрыклад, вельмі значнымі па маштабах і атрыманых выніках былі даследаванні ў Белавежскай пушчы, дзе будуецца Археалагічны музей пад адкрытым небам. На працягу некалькіх месяцаў даследавана амаль 1600 м2 культурнага пласта на трох помніках археалогіі Камянюкі 2-Горы, Камянюкі 17 і Камянюкі 13 – на тэрыторыі будаўніцтва мезалітычнай і неалітычнай стаянак і вёскі бронзавага веку. Важна, што раскопкі праводзіліся толькі ў месцах, на якіх запланавана будаўніцтва жылых і гаспадарчых пабудоў, а таксама ў месцах пракладкі дарожак па тэрыторыі музея. Культурны пласт на большай частцы помнікаў пакінуты ў непа­шкоджаным выглядзе і ў далейшым гэтыя ўчасткі могуць быць выкарыстаны як інтэрактыўная пляцоўка пры функцыянаванні музейнага комплексу.

image

Для нас таксама важна і выяўленне цэлага шэрага новых унікальных і рэдкіх артэфактаў, сярод якіх – скарб крамянёвых нуклеусаў, крамянёвыя наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, арнаментаваныя фрагменты неалітычнай керамікі, каменныя свідраваная сякера і шліфавальная плітка, скіфскі наканечнік стралы і інш.

Алег Ткачоў, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства:

Ужо шмат гадоў мы працуем са школьнікамі Слонімскага раёна. І сёлета, нягледзячы на неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю, мясцовы аддзел адукацыі прыняў рашэнне правесці з 13 па 29 ліпеня на базе школы в. Новадзевяткавічы профільны турысцка-краязнаўчы лагер «Юны археолаг». Разам з 20 школьнікамі ў Год малой радзімы праведзены разведкі ў басейне Грыўды, выяўлены 6 новых помнікаў ад палеаліту да сярэднявечча, папярэдне даследаваны іх культурны пласт, які ўтрымліваў крамянёвыя артэфакты, ляпную кераміку неаліту і бронзавага веку, а таксама фрагменты посуду эпохі сярэднявечча. Адбыліся тэматычныя лекцыйныя заняткі, майстар-класы па вырабе крамянёвых прылад працы. Маладыя людзі атрымалі навыкі камеральнай апрацоўкі выяўленых артэфактаў.

image

Вольга Ляўко, загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі:

У гэтым годзе адноўлены работы па археалагічным вывучэнні тэрыторыі Верхняга замка Полацка паўночней Сафійскага сабора, дзе адбываецца рэканструкцыя ранейшых пабудоў медыцынскай установы пад кадэцкае вучылішча. Ужо даследаваны культурны пласт на плошчы каля 2 га, магутнасць якога вагаецца ад 1,5 да 7 м, і атрыманы вынікі вялікай гістарычнай значнасці. Так, падчас раскопак выяўлены падмуркі храма XII–XIII стст., а таксама некалькі драўляных будынкаў XII–XVIII стст. (падклець, калодзеж, вымастка двара, фрагменты вуліц). Устаноўлена, што гэтыя аб'екты размяшчаліся на плошчы, якая магла выкарыстоўвацца ў якасці месца старажытнага рынку. Знойдзены гіркі, пломбы, усходнія і еўрапейскія манеты, фрагменты амфар і іншыя прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сярод іх вылучаецца нацельны крыж X ст. скандынаўскага тыпу, які мае поўную аналогію сярод знаходак Біркі. Дадзеныя працы дазваляюць па-новаму ацаніць гістарычную значнасць адной з найважнейшых частак Полацка – Верхняга замка.

Сяргей Ліневіч, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства, кіраўнік групы падводнай археалогіі, старшыня савета маладых вучоных Інстытута гісторыі:

На жаль, не ўдалося ранняй вясной правесці міжнародную экспедыцыю па вывучэнні Жаберскага замка. Разам з тым з'явілася магчымасць для дадатковых архіўных работ, выявіліся новыя крыніцы, якія дапамогуць нам у пошуку ваеннага арсенала замка канца XVII – пачатку XVIII ст. Цікавыя матэрыялы атрыманы і падчас раскопак двух помнікаў у зоне будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу каля в. Обчын Любанскага раёна, у тым ліку жалезны наканечнік стралы X–XII стст. Важна, што выяўлены і новы помнік Любань 9, на якім пад пластом торфу могуць быць атрыманы прылады працы і зброя з косці і рогу.

Максім Чарняўскі, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства:

Мы праводзілі раскопкі на Віцебшчыне. Гэта былі сапраўдныя палявыя экспедыцыі з возерам, ракой, вогнішчам, кашай з тушонкай і даследаваннямі двух тарфянікавых (ці так званых мокрых) першабытных паселішчаў Бярэшча Лепельскага раёна і Асавец 2 Бешанковіцкага раёна. У 2020 г. выяўлены багаты і разнастайны керамічны, крамянёвы, касцяны і рагавы матэрыял ад фінальнага палеаліту да бронзавага веку. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць фрагменты гліняных вырабаў (статуэтак) са слядамі прымацавання (для прышпільвання) да іншых паверхняў. Вялікая колькасць падвесак з зубоў і костак жывёл, касцяныя пацеркі, бурштынавыя ўпрыгожанні.

Аляксандр Вашанаў, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства:

У лютым  сакавіку 2020 г. я узначальваў комплексную экспедыцыю па даследаванні месца будаўніцтва праваслаўнай капліцы на былых «Ільінскіх могілках» XVII–XIX стст. у г. Бялынічы Магілёўскай вобласці. Раскопкамі была ахоплена плошча ў 125 м2, было выяўлена больш за 200 цэлых і фрагментаваных шкілетаў, якія размяшчаліся ў некалькі ярусаў. Ва ўсходняй частцы раскопа былі выяўлены надмагільныя камяні, адзін з якіх быў апрацаваны ў форме крыжа. У запаўненні магільных ям, а таксама непасрэдна на шкілетах былі выяўлены фрагменты керамічных, шкляных вырабаў, нацельныя крыжыкі, фрагменты вопраткі і галаўных упрыгожанняў, манеты. Большасць манет адносіцца да першай чвэрці XVII ст., адзінкавыя экзэмпляры датуюцца сярэдзінай XVIII ст. Знаходкі манет у магілах і непасрэдна на шкілетах сведчыць аб існаванні ў мястэчку традыцыі «аболаў мёртвых», якія павінны былі забяспечыць нябожчыку пераход у іншы свет і аплаціць яго месца ў дадзенай магіле. Антрапалагічны аналіз, які зараз праводзіцца, дазволіць акрэсліць дакладную колькасць пахаваных, вызначыць іх узрост і пол. Аднак ужо зараз можна адзначыць шэраг спецыфічных траўм, якія маглі стаць прычынай смерці некалькіх чалавек, пахаваных на «Ільінскіх могілках». Сярод іх вылучаюцца агняпальнае і некалькі пранікаючых раненняў галавы. Магчыма, дадзеныя пахаванні маглі быць зроблены ў перыяд вайны 1654–1667 гг. Можна казаць, што «Ільінскія могілкі» ў Бялынічах з’яўляюцца адным з найбольш даследаваных помнікаў археалогіі новага часу ў рэгіёне.