17.08.2020 №33

image

На тэрыторыі Беларусі не знойдзецца раёна, тэрыторыя якога хаця б часткова не была пакрытая лясамі.

Лясная прастора складае амаль трэць ад усяго ландшафтнага покрыву нашай краіны. Нездарма наведванне беларусамі лесу насіла не проста выпадковы характар, а падпарадкоўвалася цэламу шэрагу прадпісанняў і ўяўленняў аб правілах паводзін у лесе.

З павагай да лесу

Чалавек традыцыйнага грамадства разглядаў лес не толькі з прагматычнага боку, куды можна схадзіць за грыбамі, ягадамі альбо на паляванне, але яшчэ як сакральны рэгіён, месца першаснай некранутай прыроды, дзе акрамя раслін і жывёлы існуюць і прадстаўнікі «іншасвету» (лясун, чорт і інш.). І таму сімвалічныя прадпісанні паводзін чалавека ў лесе павінны былі забяспечыць паўнавартасны «кантакт» паміж абедзвюма бакамі і перадухіліць небяспеку ў дачыненні да чалавека. Вялікае значэнне надавалася таму, як уваходзіць у лес: з добрым настроем, з павагай.

У беларускай народнай традыцыі матывы аб паходжанні лясных дрэваў сустракаюцца сярод вялікага пласта легендаў аб стварэнні свету. Так, узнікненне дрэваў, паводле народных уяўленняў, звязвалася з Богам, які нібыта засеяў Свет лясамі, каб стварыць умовы для існавання людзям: «Лясы Бог сам засеяў, толька як зачало людзей больш прыбываць, то ўсе рубалі лес і вырубалі на поле, каб больш было хлеба, а да канца свету то заўсім згубяць лясы, бо прыбывае штодзень больш народу». Такім чынам, лясныя дрэвы ў беларускім фальклоры характарызаваліся як элементы сакральнага, «боскага» паходжання. Але ў той жа час узнікненне асобных катэгорый дрэваў, паводле народнай традыцыі, прыпісвалі нячыстай сіле («добрую расліну Бог даў на патрэбу людзям, а ўсялякае паганае зелле чорт уплюнуў да так, што аж дзіва»).

Дрэвы добрыя і нядобрыя

Калі стварэннем Бога лічыліся «добрыя» дрэвы, такія як бяроза, вольха, то дрэвы каля балот і на памежных тэрыторыях, паводле паданняў, утварыліся дзякуючы супрацьлеглай Богу істоце – чорту.

Бадай, самым паважаным дрэвам у беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, з’яўляецца дуб (лат. Quercus), які ў беларускіх традыцыйных уяўленнях выступаў сімвалам вечнага жыцця. Легенда паведамляе, што сам Бог выратаваў дуб ад ганьбы: калі Іуда хацеў павесіцца на дубе, то дрэва паводле загаду Бога схілілася і захавала сябе. Да нашых дзён ёсць сляды культу дубоў, якія раней выконвалі функцыі храма, свяцілішча. Знакавай з’яўляецца сувязь дуба з богам Перуном.

Яшчэ ў жамойтаў абрадавыя дзеянні, што ўключалі ў сябе звароты да Перуна, адбываліся каля свяшчэннага дуба; а ў грамаце галіцкага князя Льва Данілавіча 1302 г. дуб згадваецца як мяжа ўладанняў. Паводле старажытнага павер’я, падчас грымотаў нельга станавіцца пад дубам, бо там хаваецца чорт (або Змей).

Паколькі дрэвы ў міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў маглі дзяліцца на «мужчынскія» і «жаночыя», то дуб, зразумела, увасабляў моц, сілу, мужчынскі пачатак (параўнанні дужых хлопцаў з дубамі і г.д.). Гэты матыў шырока абыгрываецца ў фальклоры: «Чаго ты, дубе, зялёны развіўся? / Чаго ж, Іванка, молад жаніўся?» Або: «Зялёны дубочак сам развіваўся / Бацька дачкою сам набіваўся» і г.д. З’яўляючыся ўвасабленнем сілы, дрэва дапамагала пры лячэнні хвароб спіны. Існавала павер’е, што пачуўшы першы гром, трэба пацерціся спінай аб дрэва. З гэтай жа прычыны забаранялася секчы дуб, ламаць яго, зразаць, бо чалавеку пагражала заўчасная смерць.

Да «добрых» дрэваў з жаночай сімволікай беларусы адносілі вярбу. Нездарма на Вялікдзень існуе звычай сцябаць адзін аднаго вярбовымі дубцамі са словамі: «Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень Вялік­дзень. Будзь здаровы, як вада, і багаты, як зямля». Вярба выкарыстоўвалася і як рытуальны прадмет пры першым выгане скаціны на Юр’я. Яе асвячалі ў царкве, упрыгожвалі ядлоўцам, а пасля выгану ўтыкалі за абраз, таксама ўжываючы як лекавую расліну.

Па другой версіі, яшчэ з часоў сярэднявечча, вярба атаясамлівалася з «іншасветам» і нават са смерцю. У беларускай карціне свету вярба магла з’яўляляцца прытулкам чарцей – лічылася, што з Вадохрышча і да Вербніцы на ёй сядзяць нячысцікі і грэюцца на сонцы. А пасля таго, як асвячаюць у цэрквах вярбу, яны звальваюцца ў ваду. Выбіраюць чэрці звычайна сухія дрэвы, адтуль і прыказка «закахаўся, як чорт у сухую вярбу».

Сімволіка яліны (лат. Pícea) у народнай культуры даволі часта насіла негатыўны характар. Пэўную ролю тут адыгрывае знешні выгляд дрэва – наяўнасць вострых іголак, а таксама цёмныя месцы, дзе дрэва звычайна расце. Паводле народных уяўленняў, вострыя іголкі і калючасць яліны ўказвалі на сувязь з «іншасветам». Аднак існуе і іншае меркаванне пра яліну, дзе ў павер’ях дрэва фігуруе як «свянцонае». Лічылася, што як грыміць і б’е пярун, то лепш за ўсё станавіцца пад ялінаю.

Яліна лічылася самым аптымальным варыянтам з дрэў, пад якімі можна было схавацца падчас маланкі. Згодна біблейскім матывам, у дрэва ніколі не б’е маланка, «пярун ніколі не вытне, затым што гэта свянцонае дзерава: як Божая Матка хавала маленькага Хрыста ад паганых жыдоў, калі яны хацелі яго забіць, то яліна сама апускала сваё галлё, каб закрыць Хрыста». Гэтае дрэва – адзін з галоўных аб’ектаў у хаце на Каляды, а на Вялікдзень яліну затыкаюць за абразы. Верылі, што яліна абараняе ад усякай нечысці. Клён і бяроза лічыліся дрэвамі, што прыносяць людзям шчасце. Калі бяроза расла, сплёўшыся з іншым дрэвам, то верылі, што на гэтым месцы калісьці была загублена добрая душа. Бяроза лічылася жаночым дрэвам, сімвалізавала жаночы пачатак. Вобраз бярозы ў цэлым з’яўляецца станоўчым у беларускай традыцыйнай культуры, з’яўляючыся ўвасабленнем маладосці і чысціні.

Паводле народных павер’яў, лясныя дрэвы, якія былі пашкоджаны бураю ці маланкаю, трэба было абыходзіць, бо лічылася, што і да тых, і да другіх дакранаўся нячысцік. Такія дрэвы ўвогуле было забаронена выкарыстоўваць дзе-небудзь, акрамя як на дровы. Таксама згодна з народнымі уяўленнямі забаранялася ў лесе секчы дрэва, якое скрыпіць, бо лічылі, што гэта верная прыкмета таго, што ў ім мучыцца чалавечая душа. Чалавек, які ссячэ такое дрэва, прымушае тую душу шукаць сабе новага прыстанку і за гэта ён можа зрабіцца калекам.

Яна ШАЎЧЭНКА,

навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства

Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі