24.08.2020 №34

image

Сёлета ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кніга «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі».

Яе аўтар – доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Тамара Габрусь – расказала нам аб адметнасці выдання і паказала ўнікальныя фотаздымкі збудаванняў.

image

– Кніга знаёміць чытачоў з драўляным сакральным дойлідствам Беларусі. Тамара Віктараўна, вы разглядаеце помнікі храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульную культурную спадчыну беларускага народа. У цэнтры ўвагі – архітэктурны кампанент забудоў. Раскажыце аб разнастайнасці храмаў. Што паміж імі агульнага і непадобнага?

– Навуковае даследаванне вялося ў адпаведнасці з планавым заданнем на 2015–2020 гг. «Архітэктурная і гісторыка-культурная спадчына ў развіцці традыцый і культурнай ідэнтычнасці Беларусі» адзела архітэктуры нашага Цэнтра. Кніга прысвечана краіне дойлідаў. Менавіта «дойліднай Беларуссю» называў наш край народны паэт Рыгор Барадулін. Слова «дойлід» – мясцовага паходжання і азначае майстра будаўніцтва з дрэва.

Архітэктура – важны складнік культуры кожнага народа, універсальны сродак па засваенні чалавекам прасторы з мэтай супрацьстаяць прыродным і сацыяльным катаклізмам. У беларускай культурнай спадчыне адным з галоўных носьбітаў этнічнай традыцыі, бясспрэчна, з’яўлялася драўлянае дойлідства, роўнага якому па мастацкіх якасцях цяжка знайсці. На думку Уладзіміра Караткевіча, «драўляныя дзівы – гэта тое, калі звычайная мужыцкая сякера можа паспрачацца з разцом Фідзія».

Драўлянае сакральнае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі – унікальны культурны феномен, які мае складаны гістарычны лёс і мастацкую адметнасць. З прычыны геаграфічнага знаходжання нашай краіны ў самым цэнтры Еўропы і адначасова на памежжы гісторыка-культурных арэалаў Усходу і Захаду для яе надзвычай важным з’яўляецца пытанне ўзаемадзеяння шматвектарных культурных уплываў і пры гэтым захавання нацыянальнай самабытнасці. Гэтае пытанне стала асабліва актуальным на пачатку ХХІ ст. у сувязі з сучаснымі працэсамі глабалізацыі і сацыяльна-палітычнымі задачамі, што патрабуюць выпрацоўкі агульнанацыянальнай ідэі (ідэалогіі). Сёння ўзрастае інтарэс да вывучэння традыцый нацыянальнай культуры.

image

Каштоўнасць архітэктурнага твора, як вядома, вызначаецца гарманічным спалучэннем у ім карыснасці, трываласці і прыгажосці. Аднак спецыфіка храмабудаўніцтва дапоўнена яшчэ глыбокай рэлігійнай семантыкай, якую раскрывае нам мова архітэктурных форм. Слова «храм» паходзіць ад хорама, дома гаспадара. Базіліка азначае – дом цара, пазней Цара Нябеснага. Пэўную сімволіку ўтрымліваюць аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі святынь: купалы, галоўкі, ярусныя вярхі і іх колькасць. Паколькі інтарэсы грамадства ў эпоху феадалізму абавязкова выступалі ў «рэлігійнай вопратцы», сацыякультурныя праявы найбольш яскрава адбіліся ў гістарычным развіцці сакральнай архітэктуры. З прычыны свайго найвялікшага глыбока народнага крэатыўнага патэнцыялу менавіта драўлянае храмабудаўніцтва Беларусі ХVII–ХVIII стст. у найбольшай ступені ўспрыняла і адлюстравала тагачасныя мастацка-стылявыя тэндэнцыі і гісторыка-канфесійныя працэсы. Сакральныя збудаванні ў дрэве звычайна спалучалі старазапаветныя і новазапаветныя рэлігійныя каноны, этнічныя традыцыі і сацыяльна абумоўленыя навацыі свайго часу. Па сутнасці, яны знаходзіліся на памежжы традыцыйнага народнага і прафесійнага майстэрства. Культавыя пабудовы ніколі дакладна не паўтораць адна другую, але маюць агульныя рысы, сфарміраваныя кананічнай семантыкай канфесіі, устойлівымі будаўнічымі традыцыямі канкрэтнага рэгіёна і эстэтычнымі ўяўленнямі свайго часу.

– У чым яшчэ адметнасць кнігі?

– У кнізе прапануецца новая мастацтвазнаўчая сістэматызацыя і класіфікацыя храмаў паводле іх архітэктонікі і канцэпцыі формаўтварэння. Разглядаецца культуратворчая місія ўніяцкіх цэркваў. На вокладку вынесены здымак былой уніяцкай Міхайлаўскай царквы ў в. Рамель з самай глыбі Палесся (Столінскі раён), якая, на шчасце, яшчэ захавала аўтэнтычнае гонтавае пакрыццё. У кнізе адзначаны рэгрэс нацыянальных традыцый драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі ў часы Расійскай імперыі, савецкі і постсавецкі перыяды, адлюстраваны перспектыўныя магчымасці творчага выкарыстання нацыянальнай будаўнічай традыцыі ў сучаснай сакральнай архітэктуры.

Вывучэнню архітэктуры драўляных святынь Беларусі я прысвяціла амаль паўстагоддзя. Выказваю ўдзячнасць усім навукоўцам, фотамастакам, краязнаўцам і аматарам драўлянага хрысціянскага храмабудаўніцтва Беларусі, чые навуковыя і графічныя матэрыялы выкарыстаны для распрацоўкі пастаўленых задач.

Гутарыла Юлія ЯЎМЕНЕНКА, «Навука»

Фота з архіва Т. Габрусь