7.09.2020 №36

image

У НАН Беларусі адбылася прэзентацыя зборніка «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці».

image

Падчас Тыдня мастацкага слова ў НАН Беларусі адбылася прэзентацыя зборніка навуковых артыкулаў «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці» (Мінск: Беларуская навука, 2020). Да мерапрыемства аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (ЦНБ) НАН Беларусі падрыхтаваў выставу «З духоўнай спадчыны аматараў навук і дабрачыннасці».

Удзельнікі Тайнага Студэнцкага Таварыства маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа. Філаматы аналізавалі беларускі фальклор, звычаі і абрады, былі пачынальнікамі новай беларускай літаратуры. Яны імкнуліся практычна дапамагаць пашы­рэнню адукацыі народа: стваралі школы, падручнікі, нават пачалі распрацоўваць энцыклапедыю прыродазнаўчых навук.

На выставе прадстаўлены рукапісны дакумент аднаго з заснавальнікаў таварыства – Тамаша Зана. Гэта перапісаны ім ад рукі Статут Таварыства. Запіс быў зроблены ў 1823 г., калі Тамаш Зан знаходзіўся ў турэмным зняволенні. Дакумент з рукапіснага фонду «Калекцыя», што захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

На паліцах – прыжыццёвыя выданні пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння – Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігнація Дамейкі, Эдварда Адынца, Аляксандра Ходзькі і іншых.

Нельга абысці ўвагай пасмяротнае выданне Адама Міцкевіча, у якое ўвай­шла аповесць «Гражына» (Познань, 1864). Багата аформленае выданне вялікага фармату. У цэнтры верхняй вокладцы чырвонага колеру змешчаны суперэкслібрыс залатым цісненнем: абрэвіятура «M B» (лацінскія літары гатычным шрыфтам) з малюнкам кароны.

Ян Чачот быў адным з самых актыўных сяброў Таварыства філаматаў. У экспазіцыі прадстаўлены яго папулярныя зборнікі сялянскіх песень, якія ў свой час мелі даволі шырокі рэзананс сярод перадавой грамадскасці.

Самы малады ўдзельнік таварыства – адзін з лепшых студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, але пасля ўдзелу ў паўстанні 1830 г. вымушаны пакінуць радзіму, таму і апынуўся ў Чылі. Ва ўзросце 82 гадоў ён вярнуўся на радзіму ў маёнтак пад Навагрудкам. У дзень яго смерці ў Сант'яга званілі ўсе званы. У краіне была абвешчана нацыянальная жалоба. Яму прысвоена званне Нацыянальнага героя Чылі. У яго гонар названы малая планета, горны хрыбет, горад і навуковыя ўстановы ў Чылі, а таксама мінерал і некалькі раслін. Яго імя – Ігнацій Дамейка (1802–1889). У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў захоўваецца адно прыжыццёвае выданне Ігнація Дамейкі – кніга пра падарожжа ў краіну паўднёва­амерыканскіх індзейцаў араўканаў «Араўканія і яе жыхары». У перакладах на асноўныя мовы свету яна абышла ў ХІХ ст. увесь зямны шар. Кніга выдадзена ў віленскай тыпаграфіі Юзафа Завадскага ў 1860 г.

На выставе творы ўдзельніка Тайнага студэнцкага таварыства, блізкага сябра Адама Міцкевіча, добрага знаёмага Аляксандра Пушкіна, паэта, усходазнаўца і славіста Аляксандра Ходзькі (Барэйка, 1804–1891). Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце ён увайшоў у Блакітны саюз пад апеку Яна Чачота. Як і большасць членаў гэтага студэнцкага згуртавання, восенню 1823 г. быў кінуты ў турэмнае зняволенне, адкуль яго выпусцілі разам з сябрамі вясной наступнага года па заканчэнні следства. Пасля ўніверсітэта Аляксандр Ходзька наважыўся паехаць у Санкт-Пецярбург вывучаць персідскую і арабскую мовы. У 1830 г. яго залічылі на рускую дыпламатычную службу ў Персію (Іран), дзе ён стаў рускім консулам. Звыш дзесяці гадоў праслужыў А. Ходзька ў Персіі і ў прылеглых да яе краінах. Таму яго творы прасякнуты персідскімі матывамі.

У другім раздзеле выстаўкі – работы беларускіх, польскіх даследчыкаў. Найстарэйшыя кнігі – «Album pamiatkowe Adama Mickiewicza», выдадзены Уладзіславам Пястам (Львоў, 1889 г.). На паліцах Варшаўскае выданне 1898 г., прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, рускамоўнае варшаўскае выданне 1898 г. Фёдара Вяржбоўскага «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819–1823 гг.». Шмат даследаванняў пачатку ХХ стагоддзя.

У экспазіцыі – кнігі беларускіх навукоўцаў Адама Мальдзіса, Анатоля Грыцкевіча, Генадзя Кісялёва, Уладзіміра Мархеля і інш.

Алена ДЗЕНІСЕНКА, ЦНБ НАН Беларусі

Фота М. Гулякевіча, «Навука»

На фота: аўтар матэрыяла дэманструе экспанаты выставы